ІНДУКТЫ́ЎНАЕ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ,

1) у электратэхніцы — процідзеянне пераменнаму току з боку індуктыўных элементаў ланцуга (напр., індуктыўнасці шпулі). Калі элемент ланцуга характарызуецца толькі індуктыўнасцю L, выражаецца формулай Xl = ωL, дзе ω — цыклічная частата; адзінка І.с. ў СІом.

З-за з’явы электрамагнітнай індукцыі эл. энергія двойчы за перыяд ваганняў перадаецца ад крыніцы магн полю шпулі і двойчы вяртаецца ў крыніцу току. У радыётэхніцы І.с. часта ўзнаўляецца з дапамогай фазавярчальнікаў. Адзін і той жа элемент паводзіць сябе па-рознаму ў розных дыяпазонах частот. Напр., вагальны контур пры частотах, меншых за рэзанансную, паводзіць сябе як І.с., пры большых — як ёмістаснае. Гл. таксама Ома закон, Электрычнае супраціўленне.

2) У аэрадынаміцы — частка аэрадынамічнага супраціўлення (гл. Гідрадынамічнае супраціўленне) крыла лятальнага апарата, абумоўленая завіхрэннямі паветра, восі якіх пачынаюцца на крыле і накіраваны ўніз па патоку. Віхры ўзнікаюць з-за перацякання паветра ў канцах крыла з вобласці пад крылом у вобласць над крылом. У выніку вектар пад’ёмнай сілы крыла адхіляецца ад вертыкалі. У крылаў з бясконцым размахам І.с. адсутнічае.

т. 7, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)